07 августа в 09:48 •
Футбол на Беларусі пайшоў з цудоўнага горада на рацэ Сож — Гомеля. Пачаткам прынята лічыць першыя надрукаваныя рэпартажы пра гульні, што ўпершыню з’явіліся летам 1911 ў «Гомельскім слове». Там распавядалася пра аматарскую гульню 11 на 11 з мячом паміж «чарнаўцамі і гомельцамі». Неўзабаве з’явіліся і першыя правілы футбола ў Беларусі – «Правила игры футболъ», надрукаваныя ў 1911-м у губернскай тыпаграфіі Магілева. З гэтага і пачалося паўнавартаснае развіцце гэтага спорта на нашай тэрыторыі.
Па сканчэнню спачатку Першай сусветнай, а потым і Грамадзянскай войнаў, разам са стварэннем СССР вяртаўся ў масы і футбол. Спартыўная навіна адразу захапіла сэрцы найніжэйшых пластоў насельніцтва, зрэшты, як і ва ўсіх іншых краінах свету. Беларускія ж публіцысты, паэты і драматургі лічыліся інтэлігенцыяй, іх больш цікавілі шахматы ці прэферанс. Але ж заўсёды есць выключэнні. Напрыклад, выхадзец з магілеўшчыны Аркадзь Куляшоў. Не, беларускі паэт ні на цалю не быў горшы і ў тыповых для яго статусу дысцыплінах. Шахматы Аркадзю Аляксандравічу даваліся нават лягчэй, чым калегам — публіцыст меў дарослы разрад. У пасляваенныя гады ўваходзіў у шахматна-шашкавую секцыю БССР, а ў 1950-х здабыў другое месца на рэспубліканскім шахматным турніры. Але ж у яго сэрцы было яшчэ адно захапленне — футбол.
У 1945-м пісьменнік меў шчасце назіраць за гульнёй «Чэлсі» з маскоўскім «Дынама» з трыбун «Стэмфард Брыдж». Гэта быў першы матч маштабнага турнэ савецкай каманды па Вялікабрытаніі, якая выдалася на дзіва цікавай — 3:3. Вынік матча «Times» змясцла на вокладку, напісаўшы: «Футбалісты «Дынама» — гульцы першага класа». Куляшоў захапіўся футболам і рэгулярна пачаў з’яўляцца на трыбунах мінскага стадыёна «Дынама». Нават дачка ў пісьме да бацькі з піянерскага лагера «Артэк» пытала: «Был ли в Минске футбол?». Аднак на футбольную тэматыку Аркадзь Аляксандравіч не пісаў. У сваёй творчасці аўтар закранаў тэмы патрыятызму, кахання, будучыні і іншыя.
Нам вядома пра яшчэ аднаго адданага заўзятара мінскага «Дынама» з беларускага мастацтва — Пімена Панчанку. Унук паэта расказваў:
— Калі Пімен Емяльянавіч быў малады, хадзіў на матчы на стадыён. Нават калі ў Лондане быў, схадзіў на футбол. І на памяць ведаў, дзе, хто і як з кім згуляў. І асабліва калі «Дынама» выступала, дзед не мог сядзець на месцы. Вельмі перажываў, хадзіў па хаце... — успамінаў Андрэй Панчанка.
У Панчанкі нават есць верш, дзе ен згадвае футбол. Называецца — «У акенца твае…», вось яго частка:
«… Я мог бы выдумаць,
Што я славуты наватар,
Цаліны пакарыцель
Ці майстра футбола.
Але быў салаўіны вечар,
I прытварацца не варта.
Стаю, які ёсць,
Перапоўнены радасным болем…»
На сотую гадавіну са дня народзінаў Пімена Емяльянавіча «Дынама» перадало музею творцы футболку з прозвішчам паэта і лічбай «100» на спіне.
Есць у беларускай літаратурнай крыніцы і творы, у якіх тэма футбола – адна з галоўных. Напрыклад, раман нашага сучасніка Леаніда Дайнека «Футбол на замініраваным полі». На старонках гэтай кнігі падымаецца праблема хуткаплыннасці гарадскога жыцця, а героі твора задаюцца пытаннямі: «Што такое шчасце? Як аставіць штосьці пасля сябе? Як жылі продкі?» Бацька аднаго з герояў рамана прайшоў канцлагер у Вялікую Айчынную вайну, дзе іх прымушалі гуляць у футбол супраць палякаў. І яны назло фашыстам каталі ўнічыю. Калі ўжо падыходзілі чырвонаармейцы, адзін нямецкі афіцэр, каб адпомсціць, замінаваў поле стадыена. Пры наступнай гульні адзін ігрок наскочыў на міну, і па эфекце даміно ірванула яшчэ некалькі з розных канцоў. Гаворыцца, што палягло тады шасцёра: чацвёра беларусаў і два палякі.
Таксама на старонках «Футбола на замініраваным полі» ўзгадваюцца футбольныя клубы і асобы. Напраклад, у гэтым урыўку:
«І мы, — падумаў Сцяпан Памалейка, — кінулі б Матруніча і паехалі б з бацькам на мінскі стадыён «Дынама». Церусіў бы дожджык, а мы б сядзелі, накрыўшыся адной газетай, і «балелі» за нашых футбалістаў, за Пракапенку і Гурыновіча. А потым, пасля матча, купілі б у гастраноме бутэльку чырвонага віна і выпілі б дзенебудзь над Свіслаччу. Выпілі б проста з рыльца. І я выпіў бы, плюнуўшы на свой сухі закон».
Гэты раман быў аднім з апошніх у Дайнэка на сучасную тэматыку, потым аўтар захапіўся сярэднявеччам і фантастыкай, напісаўшы свае самыя вядомыя раманы: «Меч князя Вячкі» — пра барацьбу з крыжакамі, «Жалезныя жалуды» — пра Міндоўга і станаўленне Вялікага княства Літоўскага ды шмат іншых.
Леанід Марцінавіч задзейнічаў футбол як дапаможны сродак для дэманстрацыі жахлівасці вайны, гарадскіх будняў і сувязі між пакаленнямі.
А вось такі пісьменнік, як Алесь Камароўскі, напісаў аж два творы, дзе ўсё апавяданне круціцца вакол футбола. Абодва ўвайшлі ў зборнік для школьнікаў «Пенальці», прадмову да якога напісаў сам Эдуард Малафееў:
У кнігу ўвайшлі восем апавяданняў для школьнікаў старэшага ўзросту, футбольныя з іх — «Заварожаны мяч» і «Пенальці». У абодвух творах Алесь згадвае розныя каманды ад «Пахтакора» да «Аякса», футбалістаў зборнай СССР, мінскага «Дынама» і прафесійна апісвае футбольныя гульні. Нездарма, бо Камароўскі быў яшчэ і спартыўным каментатарам. І ён першы, хто пачаў весці рэпартажы па радыё і тэлебачанні на беларускай мове. Здарылася гэта акурат пасля чэмпіенства «Дынама»-82. Вось, зацаніце ўрывак:
«Насевіч ірвануўся па сваім правым краі. Левы і цэнтральны абаронцы ташкентцаў падцягнуліся, перакрылі зону. Трэба было падаваць. Вадзік ішоў паралельна, чакаючы прастрэлу, не выходзячы на адну лінію — у афсайд — з апошнім іграком «Пахтакора». Ігар падаў. Мяч ішоў не дугой, а паралельна зямлі, метры на два ад яе. Вадзік, апярэдзіўшы Салімава, выслізгнуў з-за спіны і ў скачку галавой прабіў у правы вугал. Варатар акрабатычна адбіў мяч на вуглавы. Трыбуны ахнулі. Прыгожы быў удар — прыгожы і кідок варатара».
Знакаміты беларускі літаратуразнавец, празаік, паэт і перакладчык Міхась Стральцоў у гонар футбола назваў частку свайго самага знакамітага апавядання «Сена на асфальце» — эцюд «Заўтра футбол». У ім, як і ва ўсім творы, раскрываецца тэма «горада — вескі». Герой кідаецца між радасцю і трывогай, думаючы пра каханне да дзяўчыны, з якой яны перад футболам дамовіліся пайсці на возера.
«Я ішоў і думаў пра Лену, пра тое, што заўтра нядзеля і, значыць, будзе футбол. Білеты на футбол у мяне ёсць: мне і Лене. Я думаў, што заўтра раніцай, да футбола, калі распагодзіцца, мы паедзем з Ленай на возера».
Празаік Юры Станкевіч добра ведаў пра тое, чаму лепшыя гульцы ў футбол гістарычна паходзяць з бедных сямей — гэта адзін з самых эфектыўных сацыяльных ліфтаў. Так, аповесць Станкевіча «Брамнік заўжды самотны» распавядае пра таленавітага хлопчыка з нешчаслівай сям’і, які захоплены футболам. Кумір і натхнальнік юнага брамніка — парагвайскі кіпер Луіс Чылаверт, адзін з найлепшых на сваёй пазіцыі ў ХХ-м стагоддзі. На працягу ўсёй кнігі хлопчыку даводзіцца абараняць сваю ўнутраную браму ў адзіночку, як і большасці падлеткам, якім і адрасаваны гэты твор. Вось даволі моцныя радкі з гэтай аповесці:
«Бадай што, пасля таго, як скончу выступаць, ці ў выніку якога няшчаснага выпадку, траўмы мне давядзецца застацца сам-насам з цяжкасцямі, і, магчыма, нікому з тых, хто цяпер апякае мяне, мае праблемы не вельмі будуць патрэбныя. Але брамнік, як я даўно зразумеў, часам адзінокі. Нават — заўсёды самотны. Бо ён вартаўнік, і на ім адным адказнасць за тую браму, якую ён сцеражэ. Неістотна — якую».
Юры Станкевіч за сваю мастацкаю кар’еру напісаў шмат розных твораў, якія зараз уваходзяць ў праграму школ і ўніверсітэтаў. Самае знакамітае — «Любіць ноч — права пацукоў». У рамане падымаецца праблема незалежнасці беларусаў і паказваецца, наколькі жорсткім можа быць чалавек. У калекцыі драматурга есць яшчэ антыўтопія «П’яўка» пра Беларусь-2050, фантастычны раман «Паўночны вецер для спелых пладоў», апавяданне «Апладненне елупа» і т.д.
Сярод беларускіх творцаў ёсць і былыя прафесійныя гульцы! І гэта не толькі Кутузаў і Алейнікаў са сваімі мемуарамі. Напрыклад, паэт і публіцыст Алесь Клышка ў маладосці быў вядомым абаронцам, капітаніў у мінскім «Тарпеда» і зборнай БССР. Пасля сканчэння кар’еры падаўся ў літаратуру, пісаў пра сваю «малую Радзіму» — Мінск, пра час, пра жыццевыя шляхі. Некалькі радкоў пра футбол у жыцці Клышкі ёсць у паэме «Мінская зямля», дзе ен узгадвае сталіцу Беларусі ў розныя перыяды свайго жыцця, а таксама выражае пачуцці да любімага горада:
«Прайшло ўсё — дзяцінства, школа,
A Мінск тамтэйшы без футбола
Цяпер мне проста не ўявіць,
Ад тых часоў не аддзяліць.
У дні футбола на «Дынама»,
На Кірава, трашчала брама
З заўзятараў гульні народнай,
Бо толькі там былі свабодны.
Дух волі ў «чашы» панаваў,
Увесь стадыён гудзеў, стагнаў:
Славуты Яшын гол пускае,
A Хасін з цэнтру забівае.
Балельшчыкаў гульня яднала,
У адным парыве падымала,
Гульцоў уздымала на прастол,
Як гром чароўным словам — «Г-о-о-л»!
Бо тых гульцоў багатварылі
І ўсё магчымае рабілі,
Каб зноў убачыць поля свет
І раздабыць на матч білет.
Тандэм Мустыгін — Малафееў
Тады для нашых быў надзеяй.
Майстры вышэйшага гатунку —
Не меў супернік паратунку.
А потым Саша Пракапенка
Адным ударам рушыў «сценку»,
Дакладна ў вугал клаў мячы
Дрыжэлі ў злосці масквічы.
Усім гасцям галоў хапіла, —
«Дынама» бронзу зарабіла.
А потым і пара настала
Вышэйшай кропкі п'едэстала.
І залатыя ўзнагароды
Былі падзякаю народу
За шматгадовае трыванне
Саюзнае прыйшло прызнанне».
А вось урывак пра тарпедаўскі перыяд:
«Шмат год аддаў ліцейнай справе
У смуродзе, пылу час там бавіў,
Металургічны хлеб свой зведаў.
Гуляў за мінскае «Тарпеда»,
Аднаіменны стадыён
У думках, як чароўны сон.
Там лепшыя праводзіў дні…
Футбольных бітваў медалі».
Мінулае ў футболе мае і беларускі пісьменнік Мікалай Чаргінец, які гуляў за мінскія «Спартак», «Уражай», «Беларусь», СКА, вінніцкі «Лакаматыў» і кішынеўскую «Малдову». Але ж нападнік рана скончыў кар'еру: у 25 гадоў. З прафесійным спортам завязаў у СКА, калі не захацеў мірыцца з клубнай карупцыяй. Пасля кар’еры нават скончыў Вышэйшую школу трэнераў з чырвоным дыпломам і некалькі гадоў працаваў інструктарам фізічнай культуры. У беларускай літаратуры знакаміты сваімі міліцэйскімі дэтэктывамі.
Аднак з большага футбол у цэнтры твора ў беларускай літаратуры хутчэй выключэнне. Большасць кніг, у якіх нават у назве есць слова «футбол», ці накіраваны на пласт зусім маленькіх чытачоў, як зборнік Таццяны Мушынскай «Вожыкі ў футбол гуляюць» і творы Сяргея Давідовіча «Калабковы футбол» і «Баявая нічыя», ці выкарыстоўваюць назву гэтага спорта толькі ў якасці стылістычнага прыему, як Леанід Левановіч у кніге «Футбол з пацалункамі: апавяданні, гумарэскі, фельетоны, жартаўлівыя дыялогі», якая па складзе больш нагадвае фельетоны Зошчанкі.
Вялікі класік нашай літаратуры Уладзімір Караткевіч ўзгадаў у сваіх творах футбол толькі аднойчы. У кнізе «Чорны замак Альшанскі» адзін з герояў так распавядаў пра сабе: «Футбола не люблю. У гімнастыцы — нуль. Не ведаю, ці здолею пятнаццаць разоў падцягнуцца на турніку». Тым не меньш, Караткевіч усе роўна з’яўляецца сваеасаблівым сімвалам белфутбола. Брэнд зборнай «Каманда пад белымі крыламі» быў натхнёны гістарычным нарысам Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», дзе пісьменнік раскрываў нацыянальную ідэю беларускага народа: культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду.
Фота ў тэксце: www.nlb.by, sport-archive.ru, knihi.com, people.onliner.by, bellit.info, sb.by
Аўтар: Аляксей Стрэльчанка
Категории
Пользователи
© «Белорусский футбол», 2013—2024г. Все права защищены. Для связи - belfootball2013@gmail.com