Футбол быў упершыню згаданы ў беларускай літаратуры 100 гадоў таму. Успамінаем, як айчынныя класікі пісалі пра гульню №1

Футбол быў упершыню згаданы ў беларускай літаратуры 100 гадоў таму. Успамінаем, як айчынныя класікі пісалі пра гульню №1

15 гадоў напісання, прэм'ера ў оперным тэатры ды неаднаразовыя экранізацыі.

Мартин ОстрогаМартин Острога21 февраля, 10:027

20 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН РБ адбылася Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. А ці ведалі вы, што многія калегі Коласа па цэху пісалі пра футбол ў сваіх неўміручых творах?

Цішка Гартны/Зміцер Жылуновіч

Менавіта Зміцер Жылуновіч узначальваў першы вышэйшы орган дзяржаўнай улады ССРБ, Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі.

Жылуновіч таксама вядомы як празаік ды аўтар вершаў і п’ес пад псеўданімам Цішка Гартны. У нашы дні вуліца Жылуновіча ў Мінску знаходзіцца непадалёку ад Нацыяльнага футбольнага стадыёну. Варта адзначыць, што з 1988 па 2004 гг. у сталіцы таксама была і вуліца Цішкі Гартнага: 22 гады таму гэты тапонім ў Шабанах перайменавалі ў Ельніцкую.

Першы вялікі беларускі эпічны твор «Сокі цаліны» ён пачаў пісаць у 1914, а скончыў у 1929-м. Так, другая квадра рамана «На перагібе» была выдадзена ў 1926-м.

— Яны бачылі больш усяго буржуазнай моладзі — гладкіх, чырванашчокіх гімназістак у рудых, у сініх, у чырвоных кароценькіх сукенках, з белымі каўнерыкамі, з косамі; стройных, жыццерадых гімназістаў, больш у спартсменскіх гарнітурах, з сетачкамі для гуляння ў лапту, з шкуранымі апукамі для футболу, — пісаў Гартны.

Так, атрымліваецца, што сто гадоў таму Цішка Гартны у сваім пралетарскім рамане, імаверна, ўпершыню ў беларускай літаратуры згадаў футбол.

Тишка Гартный
Цішка Гартны з дачкой Галінай і сынам Алегам

У тым жа 1926 годзе зборная Бабруйска ў фінале неафіцыйнага першынства БССР з лікам 2:0 перамагла футбалістаў з Оршы.

Адна з першых згадак пра зборную Беларусі ў прэсе таксама адносіцца да 1926 года. Стагоддзе таму газета «Савецкая Беларусь» паведамляла, што Вышэйшы савет фізічнай культуры БССР атрымаў апавяшчэнне ад Чырвонага СпортІнтэрна пра будучы прыезд ў рэспубліку фінляндскіх футбалістаў. Госці павінны былі правесці ў БССР чатыры дні, а ў Мінску планаваўся іх матч з беларускай футбольнай камандай. Аднак далейшых вестак аб гэтым сустрэчы ў друку не з'явілася, і, хутчэй за ўсё, сама гульня так і не адбылася.

Але ж сама ідэя стварэння нацыянальнай зборнай працягвала жыць. У публікацыі ў газеце «Чырвоная змена» ад 26 лістапада 1926 года адзначалася, што ВСФК БССР мае намер накіраваць на будучыя міжнародныя спаборніцтвы лепшых футбалістаў Беларусі.

Пятро Глебка

Вершыняй творчасці літаратара Пятра Глебкі лічацца яго вершы пра Вялікую айчынную вайну. У гонар Глебкі названа вуліца ва Фрунзенскім раёне Мінска.

— Паэзiя Пятра Глебкi простая, сцiплая i мужная. Сапраўднае хваляванне не патрабуе ўпрыгожвання, яно iдзе з сэрца, i ў гэтым магутная сiла ўздзеяння паэзii, — так Якуб Колас ахарактаразаваў творчасць калегі.

Упершыню паэма «Кармэнсіта» прагучала са сцэны мінскага опернага тэатра. Кармэнсіта — гэта мянушка сусветна вядомай іспанскай танцоркі Кармэн Даўсэт Марэна.

— Я не веру,
Каб быў дазвол
Замяняць у паэзіі душы
Фізкультурнай гульнёй у футбол,
Апісаннямі мора і сушы.

Петр Глебка
Пятро Глебка

Гэтыя строфы былі напісаны з 1932 па 1934 гады. У 1934-м чэмпіёнам БССР па футболе стала БВА (Беларуская ваенная акруга) са Смаленска, срэбра засталася за мінскім «Дынама».

Іван Мележ

Амаль што зямляк Віктара Ганчарэнкі, ураджэнец Хойніцкага раёну ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры як аўтар «Палескай хронікі». Трылогія павінна была бы стаць пенталогіяй, калі б не заўчасная смерць Івана Паўлавіча ва ўзросце 55 гадоў. Народны пісьменнік Беларусі быў двойчы паранены на франтах Вялікай айчыннай вайны і меў праблемы са здароўем. 8 лютага гэтага года мінула 105 гадоў са дня нараджэння палескага песняра.

«Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна». Гэтая цытата з «Людзей на балоце», азвучаная яшчэ на беларускім савецкім радыё, ў апошнія гады стала трэндам TikTok у беларускіх дзяўчат.

— Хадзіў на стадыён, глядзеў футбол. На стадыёне разгаварыўся з суседам — малодшым лейтэнантам, пехацінцам, — пісаў Мележ ў 1941–1943 у сваім дэбютным творы «Першая кніга», аўтабіяграфічным ваенным дзённіку.

Таксама Іван Мележ згадваў футбол у п’есе «У новым доме» 1957 года.

Люба. Чаго бег, куды?
Валодзя. Мы ў футбол гулялі...
Люба. Тры гадзіны?
Валодзя. Не. Я нядоўга. Мы з Алікам «спадарожнік» рабілі.

Иван Мележ
Іван Мележ

— Як ён, Юрый, хутка вырас. Здаецца, не так даўно гадзінамі біўся над просценькімі арыфметычнымі задачамі, з радасцю сустракаў у піянерлагеры бацькоў, з якімі не бачыўся цэлы тыдзень. Ці даўно перажываў ён, што не падышоў у школьнай камандзе на варатара. Рост малы! Туравец успомніў, як сын захапляўся ў школе футболам. Юрка тады знайшоў сваё месца ў абароне, стаў добрым цэнтрам абароны — хуткі, спрытны, увішны, — пісаў Мележ у рамане «Мінскі напрамак» (1948–1953).

У 1953 годзе чэмпіёнства савецкай Беларусі ўпершыню дасталося мінскаму «Спартаку».

— Думаю: пра мяшчанства. Пра тое, як яно шырока распаўзлося, глыбока ўелася каранямі ўсюды, непераможнае і заўсёды задаволенае, заўсёды «мудрае» мяшчанства. Думаю, што канца не будзе яму, таму што галоўная якасць яго, найвыдатнае майстэрства мімікрыі. Што б ні здарылася, як бы ўсё ні павярнулася, мяшчанства адразу прыстасуецца, падфарбуецца, падладзіцца. У ім — своеасаблівы вірус, з пароды тых, якія выклікаюць грып; кожны раз вірус — у нечым іншым, хоць разам з тым і той нібы самы, і кожны раз бяссільна звальваюцца перад ім тысячы, мільёны. Але той, дурань, ломіць і гне, і пячэ, і трасе, а вірус мяшчанства, ён жа нічога такога не робіць. Ён, наадварот, стварае самае камфортнае становішча чалавеку, дае яму ўцеху не гарэць, не рызыкаваць, не хвалявацца лішне. А калі хвалявацца — то вынікамі футболу, канцоўкай тэлевізійнай шматсерыйнай перадачы, сваім страўнікам, бачаннем, што некаму перапала больш, што нехта лепш управіўся да карыта, — філасофстваваў народны пісьменнік ў нон-фікшн зборніку «Дзённікі, запісныя кніжкі». Гэты запіс датуецца 1973 годам.

Іван Шамякін

Народны пісьменнік Беларусі знакаміты сваімі рэалістычнымі раманамі. Magnum opus Шамякіна — «Сэрца на далоні». Прататыпам героя рамана доктара Савіча быў Яўген Клумаў, акушэр-гінеколаг, герой Савецкага саюза і ўдзельнік Мінскага падполля. 30 студзеня 2026 г. прайшло 105 гадоў са дня нараджэння класіка.

Иван Шамякин
Іван Шамякін

— А маці ўжо тут. Валянціна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Івана.

— Што ў вас, хлопчыкі? Можа, чаго не хапае?

— Не. Дзякуем, Валянціна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачаліся. Якая каманда сёння выйграе.

«Здзекуецца, гад», — ажно перасмыкнула Славіка. Ён наліў сабе таго ж паганага віна і дэманстратыўна, на злосць усім, выплеснуў у рот.

Маша, якая чула ўсю іх размову, ціха сказала:

— Ты задзірысты певень.

— А ты рыжая курыца, — дасціпна апісвае сямейную сварку Шамякін.

Іван Пятровіч працаваў над раманам з 1960 па 1963 гады. Менавіта ў 1963-м. мінскае «Дынама» ў другі раз выйграла бронзавыя медалі чэмпіяната СССР, а ў БССР перамагла «Нарач» з Маладзечна, пераемнікам якой можна лічыць сучаснае «Маладзечна».

Андрэй Макаёнак

П’есы славутага савецкага драматурга ставяцца ў беларускіх тэатрах і зараз. «Кашмар» быў напісаны ў 1974 г, а надрукаваны пад назвай «Святая прастата» ў 1976-м ў часопісе «Полымя».

Менавіта на вуліцы Макаёнка працуюць спартыўныя каментатары НДТРК.

Андрей Макаенок
Андрэй Макаёнак

— Актрыса. Я... Мяне паслалі... Я ад тэатра. Наш тэатр гарыць, ён гарыць не так, а... ён — банкрут. Разумееце, нешта не тое, не так на свеце. Усюды — футбол, хакей, бокс, грубасць, дзікая сіла, «сілавыя прыёмы»! І туды народ прэ. Ну, ці не дзіўна? Мы хочам несці людзям дабрату, любоў да чалавека. А ў нас... вот... нават на зарплату не хапае. Цэны на ўсё растуць. Такія таленавітыя артысты, а ім хоць з небаскроба скачы. Яны мяне паслалі к вам. Трэба нешта рабіць. Да, вот і ад тэатральнага таварыства яшчэ, ад сусветнага... Разумееце, трэба надрукаваць кнігу аб карыфеях тэатра — аб Станіслаўскім, пра Бертальда Брэхта. А — не хапае шасці тысяч. Па гэтай справе ўжо збіраліся адзін раз на Сусветны тэатральны кангрэс. Тры дні выступалі, усё шукалі, дзе б раздабыць грошы. У Маскве гэта было. Але нічога не прыдумалі. На кангрэс толькі патраціліся, а ўсё роўна не знайшлі, — вось такі «крык душы» гераіні Макаёнка.

Дарэчы, у 1974 г. першы тытул чэмпіёна БССР атрымаў барысаўскі БАТЭ.

Уладзімір Караткевіч

Майстар гістарычнага рамана ў мінулым лістападзе мог адзначыць свой 95-гадовы юбілей. А ў канцы снежня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прэзентаваў спектакль па культаваму апавяданню Караткевічу «Ладдзя роспачы».

— Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш, — гэтае вядомае выказванне з «Ладдзі» часам можна сустрэць у статусах юзераў сацыяльных сетак.

Владимир Короткевич
Уладзімір Караткевіч

У 2024 годзе «Беларусьфільм» у другі раз экранізаваў вядомы гістарычны дэтэктыў класіка: праўда ў гэты раз пад назвай «Чорны замак».

Уладзімір Сямёнавіч толькі аднойчы згадвае футбол у сваіх раманах: у нелюбві да гульні прызнаецца галоўны герой рамана «Чорны замак Альшанскі» малады гісторык Антон Косміч.

Футбола не люблю. У гімнастыцы — нуль. Не ведаю, ці здолею пятнаццаць разоў падцягнуцца на турніку, — мяркуе караткевічскі Косміч.

Гістарычны дэтэктыў быў напісаны ў 1978-м, калі упершыню падняўся на п’едэстал чэмпіяната БССР родны для Караткевіча «Тэмп». Аршанцаў апярэдзілі толькі БАТЭ ды бабруйскі «Шыннік».

Капітан «Тарпеда», першы беларускамоўны каментатар, прадмова ад Малафеева. Футбол у творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаўМатериал по темеКапітан «Тарпеда», першы беларускамоўны каментатар, прадмова ад Малафеева. Футбол у творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў

Самы папулярны від спорта згадвалі і другія беларускія пісьменнікі. Так, класік урбаністычнай прозы Міхась Стральцоў у сваім апавяданні «Сена на асфальце» нават прысвяціў асобны раздзел «Заўтра футбол» матчу, што чакаў галоўны герой.

Рэдакцыя віншуе ўсіх з Міжнародным днём роднай мовы. Як казаў у тэлеэфіры Уладзімір Навіцкі: «Бывайце здаровы, жывіце багата».

Фота: sb.by, csl.bas-net.by, bdamlm.by, Уладзімір Вітчанка/ТАСС.